О, як агонь з-пад сэрца выкрасала,
А разам з гэтым свет звінеў ва мне.
Я знаю: ўсё, што сёння Вам сказала,
Бязмоўна час шалёны праглыне.
Рубцы мае, і раны, і асколкі,
Вішнёвы цвет і ядлаўцавы куст!
I некаму не дагаджу,
ды толькі
Хіба ў глухога бездакорны густ?
I цвет, і гром змяняюцца з гадамі.
Ды цяжалець суроваму вязьму.
Пакуль святло, пакуль я маладая —
Я сто начэй у наймічкі вазьму!
I ападзе, як яблык мне на рукі,
Любві найшчодры, найкароткі дар.
З такою ласкай і з такою мукай! —
Я Вам гляджу прыветліва у твар.