Сумуем па сябрах, як па надвор'і.
Асвойваем спрадвечныя ільды.
I адкрываем новыя сузор'і
I пад зямлёй знаходзім гарады.
Але куды ты, думка-непаседа?
Чаму крычыш, спакойная душа?
Далёка як —
да блізкага суседа!
I да клапот ляснога мураша!
Чаму так горна раструбіўся жораў,
А ў лістападзе — дрэва зацвіло?
Чаму такое, блізкае учора,
Спяваеш па-інакшаму, сяло?
Перабірае мама сонца ў кроснах,
Перабірае век
свой лёс з азоў.
Ты душны, свет. I сто разоў — дзівосны!
I неспазнаны — тысячу разоў!