Смутна выблісне шлях, нібы зорка з туману.
I адкрыецца зноў падарожжа жыцця.
Забяры мяне ў свет залатога спадману,
Дзе не вызнаны горыч і соль пачуцця.
Столькі лепшых часін у патайнасці сэрца
Праплыло, і згубілася стрэчы вясло.
Гэй, чыя ж гэта вутачка ў снежным азерцы
I з якога ж Дуная яе прынясло?
Над агромністай цішаю крылле світае,
I галінка вярбы заінела ў журбе.
Як жа гэта,
што мне — не судзілі вяртання,
Каб застацца ў нязменнай любові — табе!