Слоў не трэба. Варажба
Ўся
вачыма сказана.
Будзе вечная журба
Да мяне прывязана.
Загукаюся ў бары —
Заначую з зорамі.
Чарацінкай на вятры
Музыка азёрная.
Столькі роднасці вакол
З птушкамі, з рамонкамі!
I драўляны частакол
З гладышамі звонкімі.
I густыя туманы,
I бярозак мроіва;
I Вясна, што без віны
Маё сэрца кроіла.
I каляны лёд Каляд
З кудасой лахматаю.
...I прымоўклы шчыры сад
Над сасновай хатаю.