Схіляю галаву, нібы на плаху...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Схіляю галаву, нібы на плаху,
Перад табой
Пры вогніку зары.
...Нагавары бязглуздзіцы
I страху
I нават беспрычынна
Пажуры.

Скажы, што незваротна,
Небяспечна
Гарыць касцёр высокае пары.
Скажы, што ты — на міг,
А не навечна.
I да пакут мяне
Прыгавары.

Я буду нават
Гэтым словам рада.
Зямная ціша нас
Аберажэ.
Бо знаю боль,
Бо зведала няпраўду —
Спакойны твар таго,
Хто ў твар ілжэ.