Савіная ноч

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Такой журбою асвятлю,
З лістком пытлівым пафліртую
I адкажу табе: «...не сплю,
Паколькі твой спакой вартую».

І абарвецца, як дакор,
Званок. I распадуцца словы.
Густая ноч. Нямы прастор.
Сабака брэша бесталковы

На гаражы, на лімузін,
На іншародную выгоду,
На апусцелы магазін
З лірычнай шыльдаю «Прырода».

Далёка — бор. Няблізка — лес.
Глыбока — водар верасовы.
Але, куды ні гляну, — спрэс
Заходзяцца, рагочуць совы!