Да бляску двор замёў усходні вецер.
Вось і ад сэрца трошку адлягло.
...То дзесь было: у космасе, ў Сусвеце
Ці на мяжы палыннае было.
Уракла матуля: «Будзе трудна з думкай.
Ніжэй трымайся неба і зямлі».
А я чужым зайздросціла мядункам —
Яны бяздумна пахлі і цвілі!
Па кветках тых даўно тугі не маю.
Мінае лета. Коціцца зіма.
I ўсё ж адну да сэрца прытуляю,
Хоць назвы ёй і памяці няма.
Чакае шлях... Чакае золак дальні.
Чаму ж душа бянтэжыцца яшчэ?
...Прымераю адзін пярсцёнак даўні —
I, нібы варам, палец апячэ.