Ты залатую мрою не дагоніш,
А толькі словам немату загоіш
I выйдзеш зноў — без слова і пяра...
I ты душу сасмяглую напоіш
Сівой расою з роднага двара.
Усё, што знаў, з маленства ты запомніш
I калыханкай ўсё, што меў, напоўніш,
Нібы Купала, Пушкін ці Саят...
Ты ад расколу свет не абароніш,
Дык дзякуй хоць за тое, што аброніш
Шчымлівы і распытлівы пагляд.
Ты пасланцоў увагай удастоіш
I сілы непасільныя падвоіш,
Каб усміхацца і не ўпасці — ніц!
Правалішся, васкрэснеш і прымроіш
Глыток вясны з павысахлых расніц.
Старынны ямб нанова перакроіш,
Знябудзеш тлум, забудзеш новы пройгрыш,
Каб дачакацца лепшае з часін.
Ўзляціш да зор, а ямы не абойдзеш,
Здалееш страх, а ў шклянцы буру знойдзеш, —
Маленькі бог зямлі і вечны сын!