Авёс паспелы на далоні.
I поле — мілае да слёз.
Стрыгуць траву начныя коні.
Ды будзіць Прыпяць цеплавоз.
Усё яшчэ... Яшчэ — не ўчора.
Але з якіх глухіх начэй
Мне зазірае ў вочы воран
Бязлітасна, нібы Кашчэй.
Яму — пад сто. Яму не спіцца.
Дый мне сягоння не заснуць.
I трызніць закахана Прыпяць,
I воды плыткія пяюць.
Усё яшчэ як на далоні:
Падкоўкі дзён, каралі рос.
Але ляцяць у бездань коні,
I рас-
сы-
па-
ецца
авёс.