Не аклікаць і не чакаць
Надзеі, нібы пены мыльнай.
I пасля лічбы «35»,
Душа, ты прагнеш быць стабільнай.
О бог з табой, мой вечны жаль!
Ды буду зноў за песню брацца
I, ахалоджваючы жар, —
Аб лёд маўчання апякацца.
Ну што ж, калі ўжо выпаў лёс,
Быць мужнай — Муза загадае!
Няхай прачулена — да слёз! —
Смяецца слова і рыдае.
Хай золь і вецер у акно,
Хай пераважыць скрухі шаля.
Жыццё паэта? Вось яно:
Непастаяннае, як хваля!