Недалюбіла? Не, не палюбіла...

Сярэдняя: 5 (2 галасоў)

Недалюбіла? Не, не палюбіла
Пазёрства, двухсэнсоўнасць, каламуць.
Ну што б каго мая журба журыла, —
Не-не ды вострым слоўкам упякуць!

Але пульсуй, высокая часіна!
Выходзь, душа, са звыклых берагоў!
Memento mori*? Думаю пра сына,
Пра сэрцайка чуллівае яго.

Па дабрыні, па шчырай песні голад.
Налегцы мчаць гадкоў маіх вазы.
Гартуй, высокі лёс, — высокі холад!
Пякучы снег, прапальвай да слязы!

Зліецца хай з людскімі галасамі
Душа па веснім гуку салаўя:
Аптымістычна — горкая, лясная,
Як і сама паэзія мая.

* Memento mori (лац.) — помні пра смерць.