Не прад'явіць віны пасля...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Не прад'явіць віны пасля —
Пасля крушэння і гаркоты.
Дзе музыка твая, зямля,
Ў якіх барах начуюць ноты?

Ці неўрадлівы выпаў год,
Каб нам у стрэсах захліпацца...
Паэзія — агонь і лёд:
Сто раз згараць і уздымацца.

Мая трывожная любоў,
Перад табой я вінавата.
А ты ізноў жывеш наноў —
Галубіш боль. Шукаеш свята

I рупішся, нібы народ
У разгалосым перазове.
...Пісаць, нібы ісці пад лёд,
Каб потым зноў узняцца ў слове!