Марыя

Сярэдняя: 5 (3 галасоў)

I падкажа мне сцяжыну гром
I яго бурчання адгалоскі.
Я ўвайду ў забыты Богам дом
На краёчку апусцелай вёскі.

Колькі спеўных верасняў сплыло,
Колькі белых адшумела маяў...
Ў доме гэтым ціша і цяпло
I утульна — болей не бывае!

Ацішэю. Што там да размоў!
На краі самотнае пяшчоты
Не баіцца цётухна грамоў,
Як і не баіцца адзіноты.

Тэпае ад печы да стала,
На партрэты дзетак пазірае.
(Вось і ўсіх вачамі абняла!)
Час такі — што лепей не бывае.

Час такі — да хуткасцяў ахвоч,
Нават з мёдам — часта несалодкі.
Малітоўны погляд карых воч
Моны Лізы? Не, палескай цёткі!

Ах, дзянёчкі, дзетачкі, гады, —
Дзе ж яны, світальныя такія?
Два вядры, паўнюткія журбы.
Два стагоддзі: космас і Марыя.