Куды ні гляну — гурбы маразоў...

Сярэдняя: 5 (4 галасоў)

Куды ні гляну — гурбы маразоў,
Скупы праменьчык дзённага свяціла.
Навошта ён з'яўляецца ізноў,
Той чалавек, якога я забыла?

Я памірала. Тысячу разоў.
Даўжніцаю была зіме і маю.
Ды немінуча паўстае ізноў
Той чалавек, якога пазбягаю.

Хто выдумаў даверлівасці код,
Калі душой кіруе незалежнасць?
Між памі шлях у цэлых дзесяць год,
Між намі толькі вочы і бянтэжнасць.

Як вераломна — спрэс! — цвітуць сады,
Што і гаркоты больш не заўважаю...
Чакаю — скрозь! Чакаю — назаўжды
Таго, каго пазбыла. I кахаю!