Глыбы думак. Праху глыбы...

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Глыбы думак. Праху глыбы —
За сівою даўніной
Паміж Сцылай і Харыбдай,
Паміж сценкай і сцяной.

Адзіноты век? Гукання?
Не пачуўшы голас мой,
Ты прышлеш мне прывітанне
Паміж сонцам і зямлёй.

Беспрытул? Ды, дзякуй Богу,
Не згасае успамін.
Дай мне ласкі на дарогу,
Дзікі ландыш і палын.

Будзе светла мне і горка
За лагчынай, за гарой
Паміж ранішняю зоркай
I вячорнаю зарой.