Ці замнога адчаю і болю,
Ці зглынуў нас уедлівы быт?
Шыфаньерамі, кнігамі, моллю
Гэты дом дастатку набіт.
Тут па лесвіцы крочаць бы ўпотай:
Хто — з балонкай, хто — з рыжым катом.
Тэлевізіяй, спешкай, самотай
Да астатку заселены дом.
Праўда, скінецца дружна і разам
На пакойнага
люд па рублю.
I засведчыць сцяна безадказна
Нажавою зарукай «люблю».
Стукне ў шыбіну мячык дзіцячы, —
Вецер схопіць гардзіны кілім.
У гэтым доме смяюцца і плачуць,
Але рэдка спяваюць у ім.