Душа смуткуе, як загнаны звер,
Нясцерпныя
залізваючы раны.
...Адкінь журбу і ў новы шлях павер —
Там чабарэц і верас закаханы.
I дол палае зорамі суніц,
Лагодныя пялёсткі сыпле ружа.
Хай будзе сто грымотных навальніц! —
Ды ні адна ўжо не застрашыць, дружа.
Такія ўжо нам выпалі гады —
Касмічныя!
Сумуе слова «пехаць».
Шукаць не трэба зелля ад бяды,
I ад сябе — наўрад ці можна з'ехаць.
Яшчэ ніхто не замаліў грахі
Бяздзейсным сузіраннем на аблокі.
Шчыльней самкнём разгалыя шляхі! —
Шчаслівы шлях не любіць адзінокіх.