Калі акно прасвечваюць зарніцы
I град страляе з громам неўпапад, —
Няма ў сястры
сардэчнае сястрыцы,
Ёсць толькі брат. Названы мною — брат.
Самоты гордай скінуўшы карону,
Укленчыўшы грамам, як абразам,
Я пазваню яму па тэлефону!
Не, ён пачуе — і пазвоніць сам!
Бог ведае, калі наступіць ранак
I будзе сэрцу кожны промень рад.
А ноч гудзе, і ў зарыве маланак
Танюткую рабіну лупіць град.
Будуе межы час і крышыць сцены,
Каб месцечка было для шчырых свят.
Мой дзіўны друг і дар мой неацэнны,
Мой чуйны брат. I дзякуй лёсу — брат!