Ветлым сонцам ці шчасцем сагрэта?
Што прымчаў мяне — дзякуй, цягнік!
Упляло ў маю косаньку лета
Сіняй Ясельды пекны каснік.
Поўна ўцехі. I песень даволі.
Боль струшу з ацяжэлых павек.
Сіўку-бурку гукну ў чыстым полі! —
Выйшаў з поля дзівак-чалавек.
«Што шукаеш? — спытаўся нядобра. —
I гукаеш каго праз гады?»
Хлеб дастаў ён са зрэбнае торбы
I не даў мне напіцца вады.
«Лунь, — кажу, — а дзівак вы, дый годзе!»
Пасміхнуўся ў адказ мне стары.
Ой жа доўга шукала калодзеж —
Напаткала аж цэлыя тры.
Першы мохам аброс. А ў другога —
Памуцілася памяць да дна.
А праз трэці пралегла дарога,
Як па Луні сівым — даўніна.