Малюнак дзяцінства
Абшар жытны, зіркастыя півоні.
Яшчэ на ласку не ўзрасло цаны.
Майго маленства залатыя коні
I шчырыя — на песню — цыганы.
Рассыпаны па ўзлесках медуніцы,
Гандлюе крама сітчыкам з нябёс.
Смачнейшую бярэ ваду з крыніцы
Перасялян здарожаны абоз.
Дзяцей варушыць дзядзька чарнавокі:
«Праспіце, соўкі, сонца ў галавах».
Плывуць шляхі, як светлыя аблокі...
Ды я не знаю ніц яшчэ пра Шлях!
Мне хочацца кудысь перасяліцца
I ехаць пад крылатасцю аблок.
...Імчыць жыццё, нібыта калясніца,
А я ў руках трымаю вузялок.
Куды ж — здалёк! — вяртаюся напіцца?
Даверлівасць душы, як матылёк.
Імчыць жыццё, нібыта калясніца,
I я у ім — заманлівы яздок.