Імя па бацьку

Сярэдняя: 4.4 (12 галасоў)

Ты дзесяць год забыў мяне, якую
Нанова мне вяртае новы час.

Ты дзесяць год завеш мяне па бацьку,
Нібы тым самым знаеш аддаленню
Халодную і жорсткую мяжу.

Ну што ж, з таго ні горача, як кажуць,
Ні холадна, павер, даўно і мне!

Прысніцца ноччу мне святы Іосіф, —
Дакладней, цесля
I вясковы бондар, —
А гэта значыць родны бацька мой.

Ён паглядзіць, ці не ўчарнелі рамы,
Ці дзверы не рассохліся ў кватэры,
Ці не рыпяць сасновыя масніцы,
Ці ёсць для свята месца на куце.

I покуль ты завеш мяне па бацьку,
I покуль я яшчэ жыву на свеце,
Яго ніяк я не ўяўляю мёртвым —
Я плоць яго, нявыветраны дух!