«Мне не да твару грым ружовай маскі…». Трагедыя «палескай ластаўкі»

Удар быў настолькі моцным, што зваліўшыся на зямлю, яна перакулілася яшчэ колькі метраў. У скалечаным целе яшчэ дыхала жыццё, але крычаць ад болю было немагчыма. Раздробленыя рэбры ўпіліся ў лёгкія. Кроў ішла горлам і першы лістападаўскі снег станавіўся чырвоным.

Хтосьці з суседзяў на вуліцы завапіў ад жаху. Больш трывалыя аператыўна выкліклі «хуткую». Відалыя фельчары з болем назіралі, як душа пакідае няшчасную: шанцаў у яе, выпаўшай з восьмага паверха аднаго з мінскіх дамоў 25 лістапада 1988 года, не было аніякіх.

27 лістапада 1988 года газета «Звязда» паведаміла пра сыход з жыцця члена КПСС, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР і прэміі ЛКСМБ, члена прэзідыума праўлення Саюза беларускіх пісьменнікаў, члена Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру, члена праўлення Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, дэпутата Савецкага раёна г. Мінска, паэтэсы Яўгеніі Іосіфаўны Янішчыц.

Менавіта яна і стала ахвярай страшэннага падзення. Аднак паводле савецка-камуністычнай традыцыі прычына смерці не раскрывалася: сціпла гаварылася, што Янішчыц «заўчасна памерла». Таму людзі, знаёмыя з паэтэсай асабіста, альбо з яе творчасцю, задавалі адвечныя пытанні: Што? Дзе? Калі? Што магло здарыцца з саракагадовай прыгожай жанчынай, якая па сваіх знешніх дадзеных магла супернічаць з многімі тагачаснымі айчыннымі і замежнымі зоркамі кіно і эстрады? Блізкія і сваякі ведалі, што ў Янічшыц меліся праблемы ў асабістым жыцці (развод, хвароба сына). Аднак, здавалася, яна ўсё пераадолела мужна («прайду быллём і церпкай лебядою»). Не было ў Янішчыц пытанняў і з вечнай бядою паэтаў і інтэлегенцыі — алкаголем.

Таму, калі прычына скону Яўгеніі стала вядомай, яе смерць імгненна абрасла байкамі і чуткамі. Каго толькі не вінавацілі! Былога мужа, нейкія злыя знешнія сілы, зайздроснікаў і нават усюдыіснага КДБ. Прыхільнікі апошняй версіі, тым не менш, прыводзілі, на іх думку, «жалезныя» аргументы: нібыта Янішчыц, якая мела магчымасць выезду за мяжу, магла патрапіць пад уплыў беларускай «нацыяналістычнай» дыяспары. У якасці рэчавага доказу дэманстравалі сумеснае фота Янішчыц і знакамітага на ўвесь света беларускага эмігранцкага спевака Міхаіла Забэйды-Суміцкага, казалі пра іх сумесную перапіску.

Такі аргумент — прымітыў не толькі з боку здаровага сэнсу, але і такога банальнага факта, як спіс падпісантаў некралогу, прысвечанага Янішчыц. Сярод іх фігуравалі першыя камуністы рэспублікі (Анатоль Малафееў, Валерый Пячэннікаў, Пётр Краўчанка), члены Савета міністраў (Ніна Мазай), а таксама ўвесь афіцыйны літаратурны бамонд БССР.

Цікава, што беларускія савецкія ўлады дазволілі выказаць свае спачуванні апальнаму Алесю Адамовічу. Тым больш, што ён зусім нядаўна назваў Беларусь і Мінск «Вандэяй перабудовы», дзе сканцэнтраваны самыя кансерватыўныя сілы.

Тады напрошваліся іншыя прычыны: няшчасны выпадак (выпадкова выпала, вешала бялізну на балконе) альбо наўмыснае самазабойства (працяглая дэпрэсія, выкліканая самымі рознымі абставінамі, у тым ліку і творчымі; сучаснікі Янішчыц у адзін голас сцвярджалі, што яна вельмі балюча ўспрымала крытыку сваіх вершаў і г.д.).

Як бы там ні было, трагічна-загадкавая смерць Янішчыц, безумоўна, выклікала рэзананс як у партыйна-дзяржаўных, так і ў вядучых літаратурных колах рэспублікі: сітуацыю, калі з балкона кідаюцца лаўрэаты дзяржаўных прэмій, нармальнай назваць ніяк нельга.

У некралогу гаварылася, што творчасць Яўгеніі Янішчыц адрозніваецца высокай грамадзянскасцю, пранікнёнай любоўю да жыцця, чалавека і роднага краю, ёй уласціва глыбокае адчуванне трывог часу, а таксама кроўная знітаванасць з лёсам народа. Не ўсялякі паэт і літаратар заслугоўваў такіх панегірыкаў, а самой Янішчыц лёс ніяк не прадказваў кар’еру вершатворцы.

З багны


Жэня Янішчыц нарадзілася, гаворачы словамі музычнага беларускага класіка Анатоля Багатырова, у самых пушчах Палесся — у вёсцы Рудаўка Пінскага раёна ў простай сям’і калгаснікаў. Той факт, што ў сярэднюю Парэцкую сярэднюю школу будучы лаўрэат Дзяржаўнай прэміі хадзіла праз пяць кіламетраў, сведчыў пра многае. І, перш за ўсё, пра тое, што Янішчыц нарадзілася, як кажуць, «без права на перспектыву». Сапраўды, што чакала простую вясковую дзяўчынку? Звычайны саўгас-тэхнікум, а пасля — вяртанне ў родныя пенаты і цяжкая сялянская — ад зары да зары — праца? Аднак у Жэні мелася тое, што адрознівала яе ад тысячаў равеснікаў і равесніц, — паэтычны талент.

Янішчыц пачала пісаць першыя вершы і дасылаць іх у «Полесскую правду» — орган Пінскага тэрытарыяльнага аддзялення ЦК КПБ. Гэтае рэгіянальнае выданне нават па савецкіх мерках было даволі ўдалым, бо акрамя агітацыйна-прапагандысцкага афіцыёзу ўмела падавала мясцовы матэрыял з прыцягненнем вучняў мясцовых школ. Вось што, напрыклад, пісаў у адным з нумароў «Полесской правды» за 1964 год вучань Парэцкай сярэдняй школы Антон Квір: «Парэчча…Гэтая старажытная палеская вёска знаходзіцца ў маляўнічым кутку. Вакол — густы бор, бясконцыя палі і лугі. Вёска Парэчча багатая рэвалюцыйнымі традыцыямі. Яшчэ ў 1905 годзе тут успыхнула паўстанне сялян і рабочых суконнай фабрыкі. Аднак яно было жорстка падаўлена. У памяць аб гэтых падзеях ускраіна вёскі так і называецца — Бунт. Сённяшняе Парэчча — новая вёска. У ёй ёсць бальніца, сярэдняя школа, аддзяленне сувязі, сельмаг, Дом культуры. Пра тое, як аднаўлялася вёска, можна даведацца з летапісу, які вядуць члены гістарычнага гуртка нашай школы».

«Полесская правда» намаганнямі журналісцкага калектыву стварыла нешта накшталт літаратурнай рубрыкі, куды юныя дараванні маглі прапаноўваць свае творы. 12 студзеня 1963 года «Полесская правда» надрукавала рускамоўны верш Янішчыц пад назвай «Голубь».

В клетке новой голубой, что под крышей дома,
Поселился голубок, всем жильцам знакомый…

Аднак акрамя Янішчыц старонкі «Полесской правды» штурмавалі і іншыя. Пра што толькі не пісалі будучыя пушкіны і лермантавы: пра прыроду, бярозкі, Гагарына і г.д. Жадаючых апынулася настолькі шмат, што 10 верасня 1963 года «Полесская правда» надрукавала адмысловую рэдакцыйную занатоўку «Разговор о поэзии». Вітаючы імкненне юных палешукоў да паэзіі, занатоўка, тым не менш, жорстка іх крытыкавала. У ёй, у прыватнасці, адзначалася, што ў шматлікіх аўтараў «преобладает языковая несуразица, небрежность в построении фраз и целых оборотов». Асобны абзац занатоўкі быў прысвечаны спецыяльна Янішчыц. У цэлым, гаварылася ў занатоўцы, вершы Янішчыц «производят хорошее впечатление», асабліва «В школу»
і «С первым маем». Аднак іншыя творы Жэні — вершы «Валентине Терешковой» (пасля свайго касмічнага палёту 16 чэрвеня 1963 года першая жанчына-касманаўт стала кумірам мільёнаў савецкіх дзяўчынак), «Маё Палессе», «Жнівень» былі расцэненыя як «откровенно слабые». Рэдакцыя раіла Янішчыц «не опускать руки» і працаваць далей: удасканальваць слог і форму, спалучаць куплеты не выпадкова ці спантанна, а свядома.

І тут трэба зрабіць невялічкае адступленне і адзначыць вось што. У большасці выпадкаў пачынаючыя (і асабліва юныя) паэты і пісьменнікі даволі эмацыйна рэагуюць на крытыку сваіх твораў. Нярэдка бывала і такое, што падобная крытыка ўплывала фатальным чынам: хлопчык ці дзяўчына больш ніколі не браліся за пяро.

Дастаткова прывесці прыклад Аляксандра Лукашэнкі, які 10 красавіка 2018 года на сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ заявіў, што падчас вучобы ў школе пісаў вершы і нават прапанаваў іх рэдакцыі шклоўскай раённай газеты. Аднак атрымаў адмову і больш ніколі не займаўся паэзіяй: «Так вот можно человека отвернуть от всего одной фразой».

Аб тым, што Лукашэнка спрабаваў пісаць вершы, шырокая грамадскасць даведалася яшчэ ў снежні 1993 года, калі «Советская Белоруссия» надрукавала адпаведны матэрыял журналісткі Людмілы Маслюковай. У арытыкуле гаварылася, што адмова рэдакцыі назаўсёды пакінула ў будучага беларускага кіраўніка «зарубку на сердце».

У адрозненні ад Лукашэнкі Яўгенія Янішчыц не здалася, а працягвала працаваць. Першы сапраўдны поспех прыйшоў у канцы 1964 года, калі ў снежаньскім нумары «Бярозкі», штомесячнага дзіцячага часопіса Цэнтральнага Камітэта ЛКСМ Беларусі і рэспубліканскага Савета піянерскай арганізацыі імя У.І. Леніна, быў надрукаваны яе верш «Зоры над Пінаю». У гэтым вершы Янішчыц удала спалучыла савецкія патрыятычныя матывы з хараством палескага краю.

На юную паэтэсу звяртаюць увагу члены рэдкалегіі «Бярозкі» Пятрусь Броўка і Рыгор Барадулін. Вельмі дапамагла Янішчыц член той жа рэдкалегіі таленавітая і вядомая Еўдакія Лось. Іх знаёмства перарасце ў сапраўднае сяброўства. Парады Лось не раз дапамогуць Яўгеніі пазбегнуць непрыемных сітуацый.
Заўчасная — у 48 год — смерць Еўдакіі аказала змрочны ўплыў на Янішчыц («да старасці Вам колькі вершаў і паэм»).

Супрацоўніцтва з мясцовымі і рэспубліканскімі выданнямі гарантавала Яўгеніі Янішчыц паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову. Яна абрала філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Аднак трэба было рухацца далей. У тагачаснай БССР практычна адзінай своеасаблівай пляцоўкай для маладых паэтаў і празаікаў была газета «Літаратура і мастацтва», дзе была створана адпаведная рубрыка «Будзем знаёмы». Публікацыя ў ёй не азначала імгненнай славы, аднак лічылася безумоўным прарывам.
І вось 21 верасня 1965 года на старонках «Літаратуры і мастацтва» з’яўляецца падборка вершаў Янішчыц («Радзіме», «На рацэ», «Золушка», «Мой верш») з прадмовай самога Генадзя Бураўкіна, які назваў Жэню не толькі таленавітай паэтэсай, але і «іскрай боскай».

Такім чынам, першы літаратурны плацдарм быў заваяваны.

Слава і няшчасце


У 1970 годзе свет пабачыў першы паэтычны зборнік Яўгеніі Янішчыц «Зімнія грамніцы», які на грамадскіх пачатках адрэдагаваў Генадзь Бураўкін. У анатацыі да зборніка адзначалася, што вершы Янішчыц друкаваліся ў расійскіх і ўкраінскіх выданнях, нават у часопісе Гамбургскага педагагічнага інстытута.

Зборнік адрозніваўся вельмі кранальнымі мясцова-рэгіянальнымі матывамі («Прыедзь у край мой ціхі, тут продкаў галасы, тут белыя бусліхі і мудрыя лясы; хапае на Палессі і сонца і вады, і што ні двор — то песня, што вёска — то сады»), а такія вершы як «Непрыручаная птушка», «Ты пакліч мяне, пазаві» канчаткова замацавалі за Янішчыц рэпутацыю ўзыходзячай паэтычнай зоркі Беларусі.

Неўзабаве Яўгеніі Янішчы быў аказаны высокі давер. У сакавіку 1971 года яна была прынята ў склад Саюза пісьменнікаў Беларусі.

«Новы Час» публікаваў унікальныя матэрыялы: заяву Янішчыц аб уступленні і рэкамендацыі Васіля Зуёнка, Алега Лойкі і Генадзя Бураўкіна.

З’яўленне Янішчыц у беларускай літаратуры было абумоўлена не толькі яе паэтычным талентам, але і аб’ектыўным фактарам. Беларуская літаратура на тыя часы адчайна мела патрэбу ў прытоку новых сіл. «Колькі талентаў звялося» (Якуб Колас) у выніку сталінскіх рэпрэсій у шалёныя 1930-я, а таксама падчас Другой сусветнай вайны. Таму старое пакаленне беларускіх літаратараў вымушана было шукаць сабе будучую замену. Гэтую праблему, у прыватнасці, закрануў Ніл Гілевіч у спецыяльнай публікацыі пад назвай «Больш давяраць маладзейшым», якая была апублікавана ў «Літаратуры і мастацтве» ў студзені 1971 года напярэдадні шостага з’езду пісьменнікаў Беларусі.

Янішчыц добра разумела, што аднаго зборніка вельмі мала. Як казаў калісьці Аляксандр Салжаніцын, першую кнігу і дурань напіша. Тым больш, што на пяткі наступалі таленавітыя і амбіцыёзныя Вольга Іпатава, Ніна Мацяш, Таіса Бондар і інш.

Поспех трэба было замацаваць. І вось на працягу 1974-1988 гадоў з друку адзін за адным выходзяць ажно шэсць зборнікаў вершаў паэтэсы. І гэта пры тым, што Янішчыц працуе: літаратурны кансультант «Сельскай газеты», загадчык аддзела часопіса «Маладосць». Больш таго, Янішчыц атрымоўвае ажно дзве літаратурныя прэміі — імя ЛКСМБ (1978) за зборнік «Дзень вечаровы» і імя Янкі Купалы (1986) за кнігу «Пара любові і жалю».

Адначасова Янішчыц робіць і адміністрацыйную кар’еру: становіцца членам прэзідыума праўлення Саюза пісьменнікаў і членам іншых грамадскіх аб’яднанняў, атрымоўвае ўнікальную магчымаць выезду за мяжу.
Янішчыц вырашае і адну з самых вострых праблемаў — жыллёвую. Спачатку атрымоўвае кватэру на сталічнай вуліцы Ульянаўскай, а потым — трохпакаёўку на Старажоўскай з відам на Свіслач, што сведчыла аб прыналежнасці да касты абраных.

І сапраўды, складваецца такое ўражанне, што ў сваіх вершах Янішчыц быццам наўмысна абыходзіць вострыя вуглы савецкай рэчаіснасці, не гаворачы ўжо пра крытыку сацыялістычнага грамадска-палітычнага ладу. Адам Глобус успамінае сапраўднае пакланенне Янішчыц перад начальствам.

Янішчыц усяляк аказвала дапамогу новаму пакаленню беларускіх паэтаў (Славамір Адамовіч, Анатоль Сыс), аднак рабіла гэта выключна ад імя партыі і ўрада. Ва ўсялякім разе, так гэта канстатавана ў прадмоўі да зборніка «…І надзея, і лёс, і ўспамін», 1988 год). Не кранае Янішчыц у сваіх вершах і Чарнобыльскую катастрофу.

Ды і сама Янішчыц вымушана была ў сваёй паэзіі праводзіць «генеральную лінію». Адсюль — ярка выяўленыя антыамерыканскія матывы, крытыка «зорных войнаў», палітыкі Кітая і ФРГ, нагнятанне жахаў атамнай вайны. Трагедыя Янішчыц палягала ў тым, што яна не магла пісаць тое, што бачыла сапраўды.

Трэба аддаць належнае асабістай мужнасці Янішчыц. Зборнікі з’явіліся ў самыя складаныя часы яе асабістага жыцця: развод з мужам Сяргеем Панізнікам (1972), аўтамабільная катастрофа ў Магілёве (1976), цяжкая хвароба сына (1985), якому яна прысвяціла з верасня па кастрычнік 1985 года ажно 11 паэтычных частак.
Менавіта хвароба сына адлюстравала духоўны разлом Янішчыц. Так, паэтэса Алёна Васілевіч сведчыла, што ў лістах да яе Янішчыц прызнавалася ў малітвах да Бога, каб той выратаваў сына.

Аварыя (своеасаблівая сублімацыя Янішчыц адлюстравалася ў вершы «Анна Герман»; вялікая польская спявачка сама трапіла ў аўтамабільную катастрофу), хвароба сына не прайшлі дарма, а сталі прычынай імклівай дэпрэсіі, а таксама магчымага псіхічнага захворвання. Той жа Адам Глобус сцвярджае, што падчас паездкі ў Фінляндыю ў Янішчыц здарыўся прыпадак і што сама яна пабывала ў Навінках.

«А лепшых — час не беражэ». Так аднойчы напісала Яўгенія Іосіфаўна Янішчыц. Час не пашкадаваў і яе. Зараз цяжка сказаць: што б выбрала Янішчыц ва ўмовах тагачаснага імклівага крушэння савецкіх ідэалаў. Ці падтрымала б, як Данута Бічэль-Загнетава, нацыянальнае адраджэнне, альбо стала б на бок мінулага. Зразумела адно: такія, як Яўгенія Янішчыц, ніколі б не стаялі ў баку, а яе багатая літаратурная спадчына патрабуе не дзіцяча-наіўнай ідэалізацыі, а глыбокага і ўсебаковага даследвання. 

Абмеркаванне:

  • Anatol Starkou
  • 2018-11-30 00:35:58
ПРАШЭННЕ

Калi было святло ледзь цемра дакучала.
Цямнець пачала - ўсё ж святла хапала,
Таму штодзень малiўся на бога сонца Ра.

Цяперака бяздонная, варожая эгіпецкая цемра дапякла!

Калi б ня верыў я багам, а верыў Богу,
То не прасiў бы зараз дапамогу:
Прашу прасцi, Ўсявышнi, грэх ня першы,
Што позна стаў складаць аб гэтым вершы.

© Anatol Starkou
September 26, 2011 at 10:56 AM
  • Anatol Starkou
  • 2018-11-30 02:13:20
Пачатак пісання цікавы і напісаны гэтым младафронтаўцам добра.
Не памятаю гераіню, але зацікавіўся і паспрабую знайсці яе вершы. Што датычыцца астатняга. Хочацца чытаць з радзімы станоўчае, хаця б нешта з большага нейтральнае. Але відаць немагчыма новаму бел-чырвона-беламу часу друкаваць станоўчае, відаць б-ч-б секта забараняе, відаць як зайшлі ў ВКЛ падчас так зв адраджэння так шчэ не выйшлі. Але нават з таго, што напісана аўтарам ясна, што тое што адбылося з жанчынай гэта ўнатранны яе стан на момант сыхода з жыцця.

Бач зноўку нанова
Мяне абдымае мова.

© 2018 Anatol Starkou
  • фцф
  • 2018-11-30 23:59:33
... час дэпрэсій і хваробаў, чорны літапад... Не ўсім яго перажыць.